Немагчыма ўявіць сабе культурнага і адукаванага сучаснага чалавека, які б не ведаў гісторыі, звычаяў і абрадаў, мовы свайго народа. Але, на жаль, сустракаюцца выпадкі, што маладыя людзі добра ведаюць падзеі з гісторыі іншых краін, а пра тую, дзе жывуць, мала чаго могуць расказаць. Так, напрыклад, сучасная моладзь добра ведае, што такое сушы, піцы, равіолі і іншыя замежныя прысмакі, і часам пазнанні беларускіх страў заканчваюцца на драніках і ладках. Мы пастараліся выправіць сітуацыю і расказаць аб багатай і смачнай беларускай нацыянальнай кухні, аб традыцыях і звычаях беларусаў, звязаных з харчаваннем.
25 лістапада ў сталовай архітэктурна-будаўнічага каледжа прайшло свята беларускай кухні “Смачна есці! Мякка сесці!”. Былі прадстаўлены наступныя тэматычныя сталы: “Стравы з агародніны” (група 1А), “Стравы з мукі” (група 2А), “Стравы з бульбы” (група 1С1), “Бліны” (група 1Т), “Крупяныя і малочныя стравы” (група 1С2).
Кожная каманда павінна была прыгатаваць пэўную колькасць страў – мінімум 5, засервіраваць стол, аформіць меню і падрыхтаваць прэзентацыю свайго тэматычнага стала. Пры выстаўленні балаў журы павінна было ўлічыць артыстызм, арыгінальнасць, творчы падыход пры прэзентацыі тэматычных сталоў.
Якія стравы спажывалі нашы продкі? У якіх абрадах ужывалі іх беларусы? Як гатавалі? Пра ўсё гэта і многае іншае можна было даведацца ў час свята. Таксама гучалі ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў пра стравы беларускай кухні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, песні. Удзельнікі і госці прымалі ўдзел у конкурсах: “Смачна есці!”, “Пряцягні прыказку”, “Гаспадары і гаспадынькі”, “Лявоніха” з бульбай”. Акрамя гэтага, гаворка пра стравы беларускай кухні не абмежавалася толькі словамі, давялося прысутным і пакаштаваць шмат чаго з накрытых сталоў.
У рамках мерапрыемства была падрыхтавана выстава літаратуры пра харчаванне беларусаў, а таксама выстава посуду і прадметаў інтэр’еру беларускіх гаспадароў мінулых часоў.
Свята ўдалося! Мы перакананы, што на нашых сталах будуць часцей з’яўляцца беларускія нацыянальныя стравы, бо кухня наша беларуская настолькі цікавая і смачная, што заставацца абыякавымі да яе проста немагчыма.
Выкладчык беларускай мовы
і літаратуры Шабліцкая Н. В