Незвычайны спектакль з філасофскім падтэкстам наведалі навучэнцы каледжа ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Пастаноўка “Магіла льва” заснавана на аднайменнай паэме Янкі Купалы і народных паданнях. З героямі гэтых аповедаў знаёмы кожны жыхар Прыдняпроўя.
Малады рэжысёр тэатра лялек Марыя Гуцава пастаралася не толькі прадставіць вядомую гісторыю пра легендарнага Машэку ў новым свеце, але і прымусіла гледачоў разважаць над пытаннямі: хто мы, адкуль, куды і як нам рухацца далей? Для гэтага варта часцей вяртацца да вытокаў, сваіх каранёў, аглядацца на жыццё продкаў.
У аснове спектакля – людзі, іх заганы і добрыя рысы, каханне і здрада.
Касцюмы акцёраў зроблены з лёну, упрыгожанага традыцыйнымі арнаментамі, дэкарацыі і большасць лялек выкананы з натуральных прыродных матэрыялаў, усё дрэва апрацавана ў тэхніцы брашыравання, натуральнага састарвання. Прадумана гульня святла, музыкі, вакалу, харэаграфіі, арыгінальна выкарыстана спалучэнне лялек з жывымі артыстамі.
Усё ў сукупнасці робіць спектакль унікальным, аўтэнтычным, самабытным. Кожны эпізод паказвае, што ў магілёўцаў багатая культурная спадчына, якой варта ганарыцца.
Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Шабліцкая Н.В.




